Ян Скрыган. Жыццяпіс

Дата: 9 апреля 2014 в 11:17, Обновлено 16 ноября 2015 в 18:59

 

Ян Скрыган
Імя пры нараджэнні: Іван Аляксеевіч Скрыган
Псеўданімы: Аўлас, Відук, Я. Відук, Ян Відук, Дзед Аўлас (з П. Броўкай), Крушына, Я. Крушына, Пірат
Дата нараджэння: 16 лістапада 1905
Месца нараджэння: вёска Труханавічы (цяпер Капыльскі раён Мінскай вобласці)
Дата смерці: 18 верасня 1992 (86 гадоў)

   Жыццяпіс:
   Нарадзіўся ў вёсцы Труханавічы Капыльскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям'і. Пачатковую адукацыю атрымаў у мясцовай царкоўнапрыходскай школе, потым вучыўся ў Слуцку ў Беларускай гім назіі і сельскагаспадарчым тэхнікуме.
   У 1924 г. Ян Скрыган стаў супрацоўнікам слуцкай акруговай газеты «Вясковы будаўнік». Пасля ліквідацыі акругі і пераезду ў Расоны працаваў загадчыкам Народнага дома пры выканкоме, затым — у рэдакцыі газеты «Чырвоная Полаччына», дзе пазнаёміўся з П. Броўкам. У 1932 г. закончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне БДУ. Быў членам літаратурных аб'яднанняў «Маладняк» і «Літаратурна-мастацкая камуна». Будучы студэнтам, займаўся грамадска-палітычнай работай: у 1929 г. выязджаў у Магілёўскую вобласць на калектывізацыю, у 1930 г. з брыгадай супрацоўнікаў газеты «Звязда» працаваў на Гомсельмашы па наладжванні сістэмнай арганізацыі заводскага жыцця, назіранні над якім перададзены ў кнігах нарысаў. У 1933—1936 гг. працаваў у рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва».
   13 лістапада 1936 г. Яна Скрыгана арыштавалі па абвінавачанні ў «контррэвалюцыйнай дзейнасці» і засудзілі на дзесяць гадоў пазбаўлення волі з высылкай у Сібір (Кемераўская вобласць). У 1946 г. ён быў вызвалены, аднак пазбаўлены грамадзянскіх правоў на пяцігадовы тэрмін. Працаваў на пасадзе бухгалтара на гідролізным заводзе ў Фергане, на сланцахімічным камбінаце ў Эстоніі, куды пераехаў, каб быць бліжэй да Беларусі, дзе яму было забаронена жыць. 25 чэрвеня 1949 г. зноў арыштаваны і высланы ў Сібір, у Сухабузімскі раён, дзе працаваў бухгалтарам у райкамгасе і МТС.
   У снежні 1954 г. з Івана Аляксеевіча Скрыгана былі зняты ўсе абвінавачанні, ён быў поўнасцю рэабілітаваны і адноўлены ва ўсіх правах. Пасля вяртання ў Мінск пісьменнік актыўна ўключыўся ў літаратурную дзейнасць: працаваў рэдактарам у Дзяржвыдавецтве БССР, літкансультантам Саюза пісьменнікаў, рэдактарам і намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Полымя». Як добры знаўца мовы быў запрошаны галоўным рэдактарам выдавецтва «Беларуская савецкая энцыклапедыя» П. Броўкам на пасаду загадчыка літаратурна-кантрольнай рэдакцыі (1967—1975). Працаваў адказным сакратаром камітэта па Дзяржаўных прэміях БССР у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры (1975—1985).
   Заслужаны работнік культуры Беларусі з 1985 г., узнагароджаны медалямі, Ганаровымі граматамі Вярхоўнага савета БССР, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета Тувінскай АССР.

   Творчасць:
   Дэбютаваў Ян Скрыган вершамі ў 1925 г. Творчы шлях Скрыгана-празаіка пачаўся з апавядання «Таіса» (1927) і аповесці «Затока ў бурах» (1929, дапрацоўвалася ў 1956 г.). Ян Скрыган адрозніваўся арыентаванасцю на традыцыю, вострым адчуваннем мовы, любасцю да роднага слова, імкненнем вучыцца, а не вучыць.
Ян Скрыган — адзін з першапраходцаў беларускага нарыса як новага літаратурнага жанру, і гэта малая форма стала ўзорам яго надзвычайна лінгвістычна багатай і глыбока нацыянальнай творчасці. У 1929 г. выходзіць у свет адзін з першых нарысаў — «Новая зямля», у хуткім часе з'яўляюцца зборнікі нарысаў — «Шугае сонца» (1930), «Права на энтузіязм» (1932), «Недапісаны профіль» (1932). Далейшая творчая дзейнасць пісьменніка знаходзіць працяг у зборніку апавяданняў «Сустрэчы» (1935), якому характэрна выдатнае валоданне мовай, асабліва сваім родным слуцкім дыялектам, добрае адчуванне часу, патрыятызм, маральныя прынцыпы.
   Аўтар кніг апавяданняў, аповесцей «Апавяданні» (1956), «Наталя» (1957), «Няпрошаная сляза» (1958), «Скажы адно слова» (1961), «Свая аповесць» (1964), «Кругі» (выбранае, 1969), «Кругі» (аповесць з доказамі, 1986).
Напісаў кнігі ўспамінаў, партрэтаў, нататак і артыкулаў па праблемах літаратурнага майстэрства і культуры мовы «Ранішнія росы» (1965), «Некалькі хвілін чужога жыцця» (1979, 1990). Пераклаў на беларускую мову кнігі і асобныя творы А. Астроўскага, М. Горкага, І. Буніна, Ф. Гладкова, К. Федзіна, І. Бабеля, а таксама ўкраінскіх, літоўскіх, латышскіх, эстонскіх (у т.л. Ф. Тугласа) пісьменнікаў.

 

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.