Парады бацькам

Дата: 20 августа 2018 в 08:34, Обновлено 18 января 2019 в 13:19
Автор: Новик С. С.
499 просмотров

Цікавыя гульні якія дапамогуць удасканаліць веды, развіць навыкі маўлення, прывіць інтарэс да роднай мовы.

Тэма "Дзікія жывёлы"

1. Гульня “У каго што?”

Вы называеце жывёлу, а дзіця называе яе часткі цела:
У лісы – лапы, хвост, тулава, галава, вушы….
У лася – тулава, галава, рогі, ногі, капыты ….
У ваўка – лапы, хвост, клыкі…..
І г.д.

2. Гульня “Каго многа ў лесе?”

воўк – многа ваўкоў
дзік – многа дзікоў

мядзведзь……………………………..
вавёрка……………………………….
ліса…………………………………….
бабёр………………………………….
рысь…………………………………….
і г.д.

3. Гульня “Адгадай хто гэта?”

Вы называеце характэрныя прыкметы жывёлы, а дзіця павінна назваць жывёлу.

* У яго доўгія вушы, пярэднія лапы кароткія, а заднія – доўгія, маленькі хвосцік (заяц).
* У гэтай жывёлы рыжая шубка, доўгі пушысты хвост, яна ловіць мышэй (ліса).
* У гэтай жывёлы рыжая шубка, доўгі пушысты хвост, яна добра скача па дрэвах, любіць шышкі і арэшкі(вавёрка).
*  Ён шэры, у яго моцныя зубы, зімой ён ходзіць злы і галодны (воўк).
* У яго бурая шубка, тоўсты лапы, зімой ён спіць (мядзведзь).
І г.д. пра лося, зубра, бабра……

Для ўскладнення можна прапанаваць дзіцяць загадаць вам загадку, а Вы паспрабуеце яе адгадаць.

4. Гульня “Палічы звяроў?”

Дапасаванне назоўнікаў і лічэбнікаў.
1 кабан, 2 кабаны, 3 кабаны, 4 кабаны, 5 кабаноў і г.д.
Палічыце таксама зайцаў, вавёрак, лісаў, ваўкоў, дзікоў і г.д.


Тэма "Свойскія жывёлы"

1. Гульня “Хто як размаўляе?”

Карова …. (мычыць)
Конь …. (ржэць)
Авечка ….. (бляець)
Сабака ….. (гаўкае)
Кот…. (мяўкае)
Свіння… (хрукае)

2. Гульня “Знайдзі лішняе”
Папрасіце дзіця выбраць "лішняе слова" і растлумачыць свой выбар
Карова, баран, хвост, сабака   (хвост - гэта частка цела, а ўсе астатнія - жывёлы)
Авечка, лось, бык, трус   (лось - гэта дзікая жывёла, а астатнія - свойскія)
Конь, шчаня, каза, сабака   (шчаня - гэта дзіцяня жывёлы, а астатнія - дарослыя жывёлы)
і г.д.

3. Гульня “Скажы, у каго....?”
У каго вострыя рогі?    У каровы, у быка, у казы і г.д.
У каго кароткі хвост?
У каго вострыя кіпцюры?
У каго вялікія вушы?
У каго ёсць пятачок?
У каго доўгі хвост?
У каго на нагах капыты?


Тэма "Жывёлы халодных краін"

1. Гульня “Назаві сям'ю жывёл”

Напрыклад: мама – маржыха, тата – морж, дзіцяня – маржаня, дзіцяняты – маржаняты і г.д.

2. Гульня “Палічы жывёл”

Вы называеце жывёлу, а дзіця "лічыць", колькі жывёл сядзіць на ільдзіне

Адна сава, две савы, тры савы, чатыры савы, пяць соў, шэсць соў.....
Адзін цюлень, два цюлені, тры цюлені, чатыры цюлені, пяць цюленяў, шэсць цюленяў.....

3. Гульня “Палічы дзіцянят жывёл”

Напрыклад: адно маржаня двое маржанят, трое маржанят, чацвёра маржанят, пяцёра маржанят, шасцёра маржанят.

Палічыце так алянят, мядзведзянят, савянят, цюлянят.

Тэма: “Новы год”

1. Паразмаўляйце. Пагаварыце аб тым, якое свята наступае, што яно абазначае, як рыхтуюцца людзі да свята.

2. Займіцеся сумеснай справай. Няхай ваша дзіця прыме актыўны ўдзел у працэсе ўпрыгожвання ёлачкі. Пры гэтым замацуйце паняцці:

высака – нізка – пасярэдзіне;

вышэй – ніжэй

большы – меншы

даўжэйшы - карацейшы

 3. Замацуйце назвы адценняў колераў. Няхай дзіця назаве колеры цацак на ёлцы (ружовы, блакітны, салатавы, жоўта-зялёны, фіялетава-блакітны і г.д.)

 4. Замацуйце дапасаванне лічэбнікаў і назоўнікаў. Палічыце цацкі на ёлцы:

1 шарык, 2 шарыкі, 3 шарыкі, 4 шарыкі, 5 шарыкаў…

Такім жа чынам палічыце хлапушкі, ледзяшы, шышкі, гірлянды.

5. Гульня “Хто больш”

Неабходна па чарзе падбіраць і называць прыметнікі да назоўнікаў.

Напрыклад:

Ёлачка якая? (зялёная, калючая, духмяная, навагодняя і г.д.)

Пераможа той, хто апошні назаве слова.

Прыметнікі можна падбіраць да любых слоў: цукерка, сняжынка, зіма, Дед Мароз і г.д.

6. Падрыхтуем віншаванні. Папрасіце дзіця намаляваць навагоднія паштоўкі для членаў сям'і, дапамажыце яму прыдумаць віншаванні.


Тэма "Зіма"

1. Назаві асноўныя прыкметы зімы.

2. Практыкаванне “Назаві дзеянне” (падбор дзеясловаў па сэнсу)
Снег (што робіць?) – лажыцца, блішчыць, растае…..
(сняжынка, лёд, вецер, мароз, мяцель)

3. Практыкаванне “Колькі іх?” (дапасаванне лічэбнікаў і назоўнікаў)
Адна сняжынка, дзве сняжынкі, тры сняжынкі, чатыры сняжынкі, пяць сняжынак…
(снегавік, гурба, сняжок, горка, лядзяш)

Гэта ж заданне можна ўскладніц, калі дапасоўваць яшчэ і прыметнікі:

Адзін вясёлы снегавік, два вясёлыя снегавікі, тры вясёлыя снегавікі, чатыры вясёлыя снегавікі, пяць вясёлых снегавікоў і г.д. (высокая гурба, маленькі сняжок, доўгі лядзяш, халодны дзень)
 

4. Закончы сказ. (Сказы закончыць, а потым паўтарыць поўнасцю)

Зімой бывае снег, а летам…..
Зімой снег падае, а вясной…..
Зімой катаюцца на санках, а летам….
Зімой бывае холадна, а летам….
Зімой дрэвы белыя, а летам…..
Зімой холадна, а летам….
Зімой растуць гурбы, а летам растуць…..

5. Практыкаванне “Што было ўчора?”

Сёння снег блічшыць, а ўчора… (блішчэў)
Сёння снег ідзе, а ўчора………………..
Сёння снег лажыцца, а ўчора……………
Сёння вада замярзае, а ўчора……………..
Сёння мароз трашчыць, а ўчора…………
Сёння сняжынкі падаюць, а ўчора………
Сёння вецер дзьме, а ўчора…….

"ЧАСТКІ ЦЕЛА. ПРАДМЕТЫ ГІГІЕНЫ"

1. Гульня "Скажы ласкава"

рука - ручка, нос - носік, вусны - вусначкі, далоні - далонькі і г.д.

2. Гульня "Адзін - многа"

  • рука - рукі, калена - калені, вока - вочы...
  • зубы - зуб, пальцы - палец, пазногаць - пазногці....

3. Гульня "Чым мы гэта робім?"
Слухаем чым? - Вушамі
Глядзім чым? - Вачамі
Лепім чым? - Рукамі
І г.д.

4. Гульня "Скажы наадварот"

Высокі - нізкі, добры - злы, дужы - слабы, лянівы - працавіты, вясёлы - сумны...

5. Гульня "Што можна рабіць"

Вачамі - глядзець, бачыць, прыглядацца, разглядаць.
Вушамі - слухаць, прыслухоўвацца, чуць.
Зубамі - жаваць, кусаць, адкусваць, грызці.

6. Растлумач значэнне слоў
Каравокі, доўгавалосы, блакітнавокі, шыраплечы, высакарослы.

7. Практыкаванне "Чым мы гэта робім?"

  • Чым чысцім зубы?
  • Чым намыльваем рукі?
  • Чым выціраем твар?
  • Чым выціраем нос?
  • Чым расчэсваем валасы?

8. Практыкаванне "Выпраў памылкі"

  • Кніга чытае дзяўчынку.
  • Мы пачысцілі зубы, а потым прачнуліся.
  • Таня выцерла твар ручніком, а потым памылася.

9. Адгадай загадкі

Два акенцы.
На ноч зачыняюцца,
А як сонца ўстане,
Яны адчыняюцца. (ВОЧЫ)

Увесь час у роце, а глынуць не можам. (ЯЗЫК)

У дзвюх матуль па пяць сыночкаў. Усе адно імя маюць. (РУКІ І ПАЛЬЦЫ)

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.