НЕЗАБЫЎНАЕ.

Дата: 17 ноября 2017 в 16:51, Обновлено 21 ноября 2017 в 17:54
Автор: Новик С. С.
481 просмотр

17 лістапада 2017 года нашу ўстанову адукацыі наведала дачка нашага славутага земляка Яна Скрыгана - Галіна Скрыган. Гэта сутрэча была не выпадковай. 16 лістапада мы адзначалі 112 гадоў з дня нараджэння пісьменніка. Да гэтай даты вучні падрыхтавалі і правялі экскурсію ў школьным гісторыка-краязнаўчым музеі “Бацькаўшчына”. Экскурсаводы паведамілі пра жыццёвы і творчы шлях Яна Скрыгана.

<blockquote data-level="1" data-processed="bc sa aps lf ll qw qws" type="cite">


 Пасля экскурсіі Галіна Іванаўна Скрыган змагла больш падрабязна расказаць дзецям і настаўнікам пра свайго бацьку. З яе слоў мы даведаліся, што будучы ўжо даволі вядомым пісьменнікам у росквіце творчых сіл, калі ўсё жыццё яшчэ было наперадзе і багата высокіх бясхмарных планаў, Ян Скрыган трапіў у жорны таталітарнай сістэмы 30-х гадоў. У 1937 годзе 32-гадовага Скрыгана асудзілі на 10 гадоў лагераў. За сваё жыццё ён прайшоў праз усе кругі пекла, але заўсёды верыў у перавагу розуму і справядлівасці. Любіў пагаварыць, пафіласофстваваць, каб зразумець вытокі тых ці іншых учынкаў. Заўсёды імкнуўся разглядзець у людзях лепшыя бакі душы.
 Пазней Ян Скрыган запіша ў “Кругах”: “Цяпер я гляджу на сваю дарогу, як на далёкі сон. Мая біяграфія здаецца мне вельмі доўгай, і я дзіўлюся, як многа ў ёй месціцца. Я спазнаў і трагізм, і роспач, зведаў цану радасці і надзей: быў на грані таго горкага адчування, калі чалавек застаецца без Радзімы – не мае на яе права, я зразумеў, якое гэта вялікае і дарагое пачуццё – Бацькаўшчына”.
 У 2017 годзе споўнілася 25 гадоў з таго часу, як смерць спыніла шматпакутнае сэрца пісьменніка, якое не ведала спакою і адпачынку.
 Галіна Іванаўна Скрыган папоўніла наш школьны музей новымі экспанатамі: аркушамі з рукапісамі бацькі, а таксама часопісамі “Полымя”, “Літаратурная Беларусь” і “Маладосць” з успамінамі пра Яна Скрыгана.

 Дар'я Тагiль 

</blockquote>
Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.