Слова клікала ў бой
З гонарам хочам паведаміць чытачам сайта аб тым, што ў нашай установе адукацыі адбыўся другі этап сумеснай акцыі “Слова клікала ў бой”, арганізаванай абласной структурай Беларускага саюза журналістаў, абласным адзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі, газетамі “Мінская праўда” і “Звязда”. на Капыльшчыне. Госці наведалі краязнаўчы школьны музей Яна Скрыгана. Больш падрабязней ў поўнай версіі навіны....
Па матэрыялам газеты "Мінская Праўда"

Сем любімых рэчаў
У школьным гісторыка-краязнаўчым музеі “Бацькаўшчына” Каменскага вучэбна-педагагічнага комплексу “Дзіцячы сад—школа” добра ведаюць не толькі біяграфію паэта, навеліста, публіцыста і крытыка Яна Скрыгана, а і тыя сем любімых рэчаў, якія захоўваюцца ў музеі і якія былі вельмі дарагімі для слыннага земляка. Гэта фотаздымкі “З першай жонкай”, “На этапе” — аб трагічным часе, калі літаратар быў пазбаўлены волі на 10 год за нібыта контррэвалюцыйную дзейнасць і напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны сасланы ў Сібір. Быў вызвалены Ян Скрыган толькі ў 1946 годзе, але пазбаўлены грамадзянскіх правоў яшчэ на пяць год. Ад першага шлюбу ў яго нарадзіўся сын Усевалад, але пры жыцці ім не давялося сустрэцца: у гады вайны ён з маці быў вывезены ў Германію, дзе жыве і сёння… Пра гэтую трагічную старонку яго жыцця расказала гасцям дырэктар музея Ірына Тагіль.
Трэці дарагі сэрцу пісьменніка фотаздымак — “Пільнае вока” — апавядае пра той адрэзак жыцця, калі Яна Скрыгана як выдатнага знаўцу беларускай мовы запрасілі працаваць у сталічнае выдавецтва “Беларуская Савецкая Энцыклапедыя”. У ліку любімых рэчаў вядомага земляка — яго двухтомнік “Кругі”, а таксама шахматы і кіёчкі, якія ён майстраваў сам. У школьным краязнаўчым музеі ёсць і іншыя асабістыя рэчы: акуляры, станок для галення, стол, камізэлька, стул, настольная лямпа і будзільнік, які Ян Скрыган браў з сабой у камандзіроўкі. Некаторыя з экспанатаў перадала сюды часты госць школы дачка пісьменніка Галіна. Родныя Яна Скрыгана прывезлі ў музей і новую кнігу — дзённікавыя запісы «Сэрцу горкая далячынь».
Вывучаючы яго творы, юныя следапыты вядуць значную даследчыцкую работу. Школьным музеем за год зроблена ўжо многае. Тут праходзяць не толькі экскурсіі, але і ўрокі, выставы. Дарэчы, паводле слоў кіраўніка Каменскага вучэбна-педагагічнага комплексу Галіны Васілевіч, праводзіцца значная работа па ваенна-патрыятычнаму выхаванню. У музеі ёсць і свой рарытэт — газета “Правда” за 10 мая 1945 года. Юныя следапыты працягваюць пошук невядомых герояў Вялікай Айчыннай вайны. Не так даўно было ўстаноўлена яшчэ 14 імёнаў тых, хто пахаваны ў брацкай магіле.
Жывіце багата
“Усё было мне міла тут…”. Вершаваныя радкі таленавітага паэта Капыльшчыны Анатоля Астрэйкі можна, бадай, аднесці да кожнага, хто нарадзіўся ў Пясочным — найпрыгажэйшай мясціне Капыльшчыны. У ХVІ стагоддзі гэтая мясцовасць уваходзіла ў Слуцкае княства. У свой час князь Юрый Алелькавіч заснаваў тут мястэчка. Непадалек жыў і вядомы ў тагачаснай Еўропе вучоны, фізік, этнограф, астраном, метэаролаг і саветнік царскага двара Якуб Наркевіч-Ёдка, якому на міжнародным кангрэсе ў Францыі, адзінаму ў Еўропе, было прысвоена ганаровае званне “Прафесар электраграфіі і магнетызму”. Яго маёнтак быў узведзены на беразе Нёмана.
Побач размясціліся млын, вінзавод і вежа, дзе Наркевіч-Ёдка праводзіў доследы. Тут упершыню ў Еўропе быў пабудаваны і першы санаторый, дзе лячылі людзей электратэрапіяй, сонечнымі і гразевымі ваннамі. І дагэтуль той лес у Пясочным называюць Дачамі…
Пра ўсё гэта можна пачуць ад юных экскурсаводаў школьнага краязнаўчага музея, якія ганарацца гісторыяй краю і сваімі землякамі.
Памятаюць тут мясцовага настаўніка — выкладчыка беларускай мовы і літаратуры Івана Шаблюка, у якога ў свой час вучыліся вядомыя паэты Анатоль Астрэйка, Адам Русак, вучоны Сцяпан Умрэйка (яго імя сёння носіць Песачанская школа, — з яго дапамогай тут былі ўзведзены мост цераз Нёман, школьны будынак і Дом культуры). Іх агульны фотаздымак беражліва захоўваюць у школьным музеі. Калі пачалася вайна, мужчыны пайшлі ваяваць з ворагам. Многія дапамагалі партызанам. Пясочнае называлі “партызанскай Масквой”. Пазней Анатоль Астрэйка напіша: “Ад бітваў крывавых і слаўных паходаў мае землякі не былі ў старане…”.
Першай настаўніцай знакамітага паэта была яго цётка Параска, што хадзіла па хатах і вучыла дзяцей. Пісалі на кардонках і шпалерах, а кнігі замяняла памяць настаўніцы. З прыходам Савецкай улады ў Пясочным з’явілася свая школа, дзе выкладаў родны дзядзька паэта Іван Іванавіч Шаблюк. Свой першы верш Анатоль Астрэйка напісаў у 15 год. Яго творы сведчылі аб тым, што ў беларускай старонцы з’явіўся свой Ясенін.
Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, паэт таленавіта пісаў і сатыру: у 1943 годзе Анатоль Астрэйка працаваў сакратаром газеты “Раздавім фашысцкую гадзіну”. Ён адчайна помсціў сваім вострым пяром за разбураныя вёскі і гарады, за забітых сваіх землякоў. Фашысты не раз учынялі расправы над мірнымі жыхарамі, высочвалі партызан, а 5 студзеня 1943 года ў Пясочнае прыехалі карнікі. Яны сагналі людзей у будынак былой школы і пачалі расстрэльваць тых, сваякі якіх былі ў партызанах. Былі забіты 43 чалавекі — 30 дарослых і 13 дзяцей. А ў 1944 годзе вёску бамбілі…
Насупраць школы — брацкія могілкі, дзе пахаваны 12 партызан брыгад імя Варашылава і імя Чапаева і чырвонаармеец. У 1956 годзе тут устаноўлены помнік усім загінулым “Смуткуючая маці”. На мемарыяльных плітах — імёны 182 загінулых на фронце і на акупаванай тэрыторыі. “Іх на плошчы сяла пахавалі. На магілах вяргіні растуць. І калышуцца Нёмана хвалі. Пра іх славу удалеч нясуць”, — напісаў у сваім вершы Адам Русак, які нарадзіўся тут у маі 1904 года. У 1925 годзе ён паступіў у музычны тэхнікум па класу валторны, потым вучыўся ў Ленінградскай кансерваторыі. Прыязджаў на вёску да бацькоў. А ў адным з лістоў да маці, Марыі Ігнатаўны, і нарадзіліся вядомыя радкі папулярнай песні: “Бывайце здаровы, жывіце багата”. Першымі яе выканаўцамі былі маці ды іншыя аднавяскоўцы Адама Русака. Паэт быў вельмі сціплым чалавекам, і многія яго вершы адносіла ў рэдакцыі жонка Марыя Яўгенаўна. Яму штогод прапаноўвалі пуцёўкі на Чорнае мора, на што ў яго быў адзін адказ: “Навошта нам тое мора? Нам лепш у вёску — па грыбы”. Напрыканцы жыцця жыў у Пясочным, дзе і пахаваны. Калі тут з’явілася новая вуліца, яе назвалі імем славутага земляка — Адама Русака.
Сэрцу дарагія
У Капыльскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Анатоля Астрэйкі было людна: адразу відаць — тут шмат людзей любяць кнігу і шануюць сваю духоўную спадчыну. Яны прыйшлі на сустрэчу з пісьменнікамі і журналістамі.
“Сімвалічна, што наша сумесная акцыя “Слова клікала ў бой” праходзіць паміж дзвюма святымі датамі — 70-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 70-годдзем Вялікай Перамогі, — адзначыў у сваім выступленні галоўны рэдактар газеты “Мінская праўда”, старшыня Мінскай абласной арганізацыі Беларускага саюза журналістаў Мікалай Літвінаў. — У час гэтай акцыі мы вырашылі ўзгадаць пра тых людзей, якіяпрынеслі славу гэтай зямлі і якія змагаліся за яе не толькі зброяй, але і словам. Імёны іх дарагія сэрцу кожнага беларуса. Мяркую, што такія сустрэчы вельмі важныя для кожнага з нас”.
Дырэктар Капыльскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Анатоля Астрэйкі Таццяна Серая ўзгадала тых славутых землякоў, якімі ганарацца не толькі на Капыльшчыне. “Іх больш за паўсотні, сярод іх — Цішка Гартны, Алесь Гурло, Мікола Хведаровіч, Ян Скрыган, Сцяпан Александровіч, Анатоль Астрэйка, Кузьма Чорны і многія іншыя, — адзначыла яна. — Нам вельмі дарагая спадчына нашых землякоў, мы цэнім кожнае напісанае імі слова”.
Вельмі сімвалічна прагучалі і паэтычныя радкі-наказ паэта Сцяпана Александровіча сваім землякам: “Каб не ляжала анямелай цаліна. Каб хлеб не пераводзіўся ў засеках. Каб слова тройчы клятае “вайна” і знаць не знала мова чалавека”. Намеснік дырэктара Выдавецкага дома “Звязда”, член саюзаў пісьменнікаў Беларусі і Расіі Алена Стэльмах у сваім выступленні акцэнтавала ўвагу на выданнях антываеннай тэматыкі. З дапамогай выдавецтва штогод выходзіць больш за сотню самых розных кніг. У апошні час пабачылі свет дзве кнігі, прысвечаныя Першай сусветнай вайне.
Светлана ХОРСУН
Рубрика Слова клiкала ў бой
Фото Евгения ПЕСЕЦКОГО